Навіны

25 октября 2018

Умеем працаваць, умеем і адпачыць.


З 2012 г. прафсаюзны камітэт ППА ААТ «Мінскі НДІ радыёматэрыялаў» рэгулярна арганізуе экскурсіі па Беларусі для членаў прафсаюза і іх сем’яў. Так работнікі пабывалі ў гарадах Магілёў, Мір, Навагрудак, Ліда, Тураў і інш., дзе пазнаёміліся з культурнымі і гістарычнымі помнікамі нашай Радзімы. Гэтыя паездкі пашыраюць кругагляд, напаўняюць людзей пазітыўнымі эмоцыямі і згуртоўваюць калектыў.

У рамках святкавання Дня заснавання інстытута 20 кастрычніка 2018 года прафкам пры фінансавай падтрымцы адміністрацыі арганізаваў паездку па гістарычных мясцінах Беларусі. 45 членаў прафсаюза наведалі аграгарадок Рубежавічы, дзе ў касцёле святога Антонія паслухалі арганны канцэрт, даведаліся шмат новага пра знакамітых жыхароў Стаўбцоўскага і Дзяржынскага раёнаў Мінскай вобласці.

Затым наведалі сядзібна‑паркавы комплекс «Парк гісторыі Сула», дзе перад экскурсантамі адкрыўся новы свет, у якім знікаюць межы паміж матэрыяльным і духоўным, аднаўляецца страчаная сувязь з нашым мінулым. Тут усё дазваляе акунуцца ў вытанчаны і чароўны свет беларускай сядзібы XVIII стагоддзя.

Экскурсію МНІІРМ урачыста сустрэлі каля варот з конным эскортам, пад жывую музыку, правялі да цэнтральнай плошчы парка, адкуль і пачалося наша падарожжа па тысячагадовай гісторыі роднай зямлі.

Наведалі пляцоўкі мегалітычнай культуры кромлех, пляцоўкі язычніцтва і капішчы з правядзеннем старажытнаславянскага абраду ачышчэння агнём, прыстань варагаў, пракаціліся па рацэ на дракары. Пасля адбылося знаёмства з сярэднявечным кварталам, з гісторыяй замка, які аднаўляецца, раскалолі камень для далейшай пабудовы замка, у зброевай майстэрні выкавалі амулет (наканечнік на стрэлу).

Падарожжа працягнулася ў XV–XVII стагоддзі, эпоху шляхецтва. У зале Шляхецкай Славы агледзелі выставу зброі, наша моладзь прыняла ўдзел у забаве «Чарка на лязе». У бровары наведвальнікаў з МНІІРМ пачаставалі элітным напоем «Старка Запольская».

Дзень прайшоў цікава і весела.

Такія мерапрыемствы ўжо сталі традыцыяй у нашым інстытуце. Прафкам не збіраецца спыняцца на дасягнутым. У планах яшчэ шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў.